Лес – моладзь – будучыня

Лес – моладзь – будучыня

14 лістапада на базе Івацэвіцкага раёна адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада “Лес – моладзь – будучыня”.

Маладыя спецыялісты з усіх абласцей краіны сабраліся ў зале Івацэвіцкага ГДК, дзе да іх з прывітальным словам звярнуўся міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віталь Дрожжа. Ён падкрэсліў, што такое мерапрыемства стала добрай традыцыяй і, акрамя таго, нагодай для падвядзення папярэдніх вынікаў работы лесагаспадарчага комплексу краіны за бягучы год і абмеркавання планаў на наступны. Для маладых гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі і перспектывамі развіцця галіны.

– Для нас важна пазнаёміцца з вашым бачаннем развіцця лясной галіны, – казаў міністр лясной гаспадаркі краіны. – Час рухаецца наперад, многія з вас зоймуць кіруючыя пасады, а, магчыма, сярод вас знаходзіцца і будучы міністр. Важна, наколькі вы будзеце адданымі сваёй прафесіі, якія ў вас будуць рэзультаты ў рабоце, бо ад гэтага будзе залежаць будучыня і дабрабыт галіны.

40 працэнтаў плошчаў краіны пакрыта лясамі, багата Беларусь соллю і прэснай вадой. Таму маладым трэба будзе па-гаспадарску распараджацца гэтым каштоўным багаццем і мець фінансавы эфект. Няпросты зараз час, але ён простым і не быў ніколі. Анамальна сухое надвор’е, ураганы, усыханне хвойных насаджэнняў, няпростыя эканамічныя ўмовы… “Мы цэнім розум, працавітасць, ініцыятыву. Галоўная задача – вырошчваць лес і зрабіць гэты рэсурс невычарпальным, – падкрэсліваў Віталій Аляксандравіч, звяртаючыся да маладых спецыялістаў. – Поспех лясной гаспадаркі краіны – гэта заслуга многіх пакаленняў. Трэба любіць сваю справу. Спадзяюся, што ваш выбар прафесіі быў свядомым”.

Пасля асабістага знаёмства міністра з кожным выпускніком ВНУ, якія прыйшлі на працу ў лясную галіну краіны, найбольш у лясніцтвы, быў прапанаваны прагляд відэафільма аб барацьбе з вяршынным караедам, а сёння гэта пытанне тычыцца не толькі беларускіх лясоў, гэта глабальная праблема, над якой працуюць і вучоныя і спецыялісты з усяго свету.

Мікалай Юрэвіч, начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса, Аляксандр Сурта, начальнік вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса, Аляксей Пракопаў, генеральны дырэктар Брэсцкга ДВЛГА, выступілі з дакладамі і даходліва растлумачылі, як вядзецца лясная гаспадарка на сучасным этапе развіцця і што ў перспектыве, спыніліся на асаблівасцях лесанарыхтоўчых работ, дрэваапрацоўцы і дадатковым лесакарыстанні, іншых момантах. А потым старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Чэслава Гоева падрабязна расказала аб сацыяльных гарантыях маладым спецыялістам. Яна падкрэсліла, што ў лясной галіне спецыялісты сацыяльна абаронены як нідзе. Яны атрымліваюць даплаты, якія прадугледжаны заканадаўствам, і маюць шмат “бонусаў” па калектыўных дамовах.

Было павучальным, цікавым і шчырым выступленне заслужанага лесавода краіны Пятра Касяніка, які пажадаў, каб першае рабочае месца стала не толькі добрай прыступкай у кар’ерным росце, а справай і сэнсам жыцця.

А потым маладыя спецыялісты расказвалі, як прынялі іх у калектыве, ці задаволены яны і хто замацаваны да іх у настаўнікі, з якімі цяжкасцямі ў рабоце яны сустрэліся, ці задаволены заработнай платай, умовамі, што атрымліваецца і над чым трэба працаваць разам. Кожнае выступленне было цікавым і з кожным выступоўцам вёў зацікаўлены дыялог міністр. Яму хацелася ад маладых шчырасці і смелых выказванняў, і ён не быў расчараваны.

Пасля падвядзення вынікаў “круглага стала”, маладыя спецыялісты пазнаёміліся з дзейнасцю лесанасеннага цэнтра і комплекса па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, пабудаванага на базе ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” і работай горадаўтваральнага прадпрыемства – ААТ “Івацэвічдрэў”.

…Семінар-нарада пачаўся з Гімна лесаводаў. Хочацца, каб яго радкі:

“Жыццё iдзе, жыццё бяжыць,
Стралой мільгаюць дні за днямі.
А нам без лесу ўжо не жыць,
Бо ў нас урос ён каранямі”, заставаліся ў памяці маладых і былі маральнай асновай у рабоце.

Валянціна БОБРЫК

File 00011
File 00340
File 00299
File 00372
File 00383
File 00352
File 00476
File 00513
File 00539
File 00501
File 00497
File 00512

Добавить комментарий